Увядзенне экстрэмальнага становішча ў Літве не азначае танкаў на вуліцах ці каменданцкай гадзіны, растлумачыў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч у інтэрв'ю віленскаму карэспандэнту Польскага радыё. Яно было абвешчана з-за пагрозы кантрабандных паветраных шароў з боку Беларусі.
Міністр унутраных спраў растлумачыў, што экстрэмальнае становішча, уведзенае сёння (9 снежня), можа быць звязана з рознымі сітуацыямі, у тым ліку са стыхійнымі бедствамі. Фармальнай падставай стала тое, што віленскі аэрапорт некалькі разоў быў зачынены больш за шэсць гадзін.
Міністр адзначае, што ўвядзенне такога тыпу становішча вынікае, сярод іншага, з неабходнасці яшчэ больш цеснай каардынацыі паміж праваахоўнымі органамі, у тым ліку ў першую чаргу вайскоўцамі і паліцыяй. Уладзіслаў Кандратовіч падкрэслівае, што сённяшняе рашэнне не азначае праблем для жыхароў і турыстаў.
- Турысты з Польшчы не адчуюць ніякіх змен. Тут гаворка пра каардынацыю органаў правасуддзя, паліцыі, таксама магчымасць выкарыстаць войска для пошуку кантрабандных шароў.
Міністр унутраных спраў дадаў, што пакуль што гэтае экстрэмальнае становішча абвешчана на нявызначаны тэрмін. Усе меры будуць ацэнены праз месяц, і тады будзе вызначана, ці ёсць далейшая неабходнасць у захаванні такога тыпу становішча.
Сёння ж Лукашэнка зноў прапанаваў Літве пачаць перагаворы. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні Савета бяспекі:
- Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных адносін – сядайце за стол перагавораў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовы. Іншых варыянтаў няма.
ав