Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская пераедзе з Вільні ў Варшаву!?

10.12.2025 13:15
«Рашэнне аб пераездзе прынятае на 100%», – сказала «Свабодзе» адна з крыніц.
Святлана Ціханоўская youtube.com/@svetlana_tsikhanouskaya/скрыншот

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская і прынамсі частка ейнага офісу плануюць пераезд з Вільні ў Варшаву. Гэтую інфармацыю «Свабодзе» на ўмовах ананімнасці пацвердзілі шэраг інфармаваных крыніц, у тым ліку з атачэння самой Святланы Ціханоўскай.

Паводле згаданых крыніцаў, пакуль адкрытымі застаюцца дата пераезду і тое, хто з каманды можа паследаваць разам з Ціханоўскай у Варшаву.

Верагодна разглядаецца варыянт, пры якім частка Офісу Ціханоўскай працягне працу ў сталіцы Літвы.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі на пытанне пра пераезд Офісу Ціханоўскай адназначнага адказу не даў.

«На дадзены момант Святлана знаходзіцца пад апекай Літвы, дзяржаўнай службы аховы. Толькі пасля таго, як атрымаем фінальнае рашэнне ад Літвы, мы прааналізуем прапанову і будзем вырашаць, як дзейнічаць».
Паводле яго, сёння «даты пераезду ці там нейкага плана» няма.

7 кастрычніка сёлета стала вядома, што Літва зніжае ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы бяспекі кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына – рэвізія ступені пагроз.

17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову – да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сістэма бяспекі.

Святлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 года, куды пераехала пасля ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Святланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычных высілкаў дэмакратычных сілаў Беларусі.

аз

Ціханоўская атрымала ў Боне Міжнародную прэмію за дэмакратыю і вяршэнства права

07.12.2025 17:40
Міжнародная прэмія за дэмакратыю і вяршэнства права ўручаецца штогод з 2009 года.