Беларуская Служба

ЗША імкнуцца цалкам аднавіць дачыненні з Беларуссю, пераконвае беларускі бок

15.12.2025 13:15
Верагодна пра гэта, падчас сустрэчаў, адкрыта заяўляў спецпасланнік ЗША ў справах Беларусі Джон Коўл.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў заявіў, што кантакты з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША адбываюцца штотыднёва, хоць аб гэтым не заяўляюць публічна. Паводле яго, чарговая сустрэча адбудзецца адразу пасля вяртання амерыканскай дэлегацыі ў Нью-Ёрк.

«У Вашынгтоне мы абмяркоўваем усе пытанні, якія ў нас стаяць у павестцы дня, рыхтуем наступныя сустрэчы, наступныя крокі, якія абодва бакі павінны зрабіць на шляху поўнай нармалізацыі нашых двухбаковых дачыненняў», – заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Першы інфармацыйны» Валянцін Рыбакоў, словы якога цытуе «Свабода».

Валянцін Рыбакоў падкрэсліў, што спецпасланнік ЗША ў справах Беларусі Джон Коўл «абсалютна адкрыта заявіў на сустрэчы, што канчатковая мэта, якую ён і адміністрацыя ЗША ставяць перад сабой – поўная нармалізацыя беларуска-амерыканскіх дачыненняў».

«У гэтае паняцце ўваходзіць абсалютна ўсё: палітычныя, эканамічныя дачыненні, бізнес, які мы можам развіваць, культура. Гэта сапраўды ўключае ў сябе ўсё абсалютна», – удакладніў ён.

«Цяперашняя амерыканская адміністрацыя зыходзіць з таго, што ў нас абсалютна цесныя, цёплыя, сяброўскія, роднасныя, саюзніцкія дачыненні з Расійскай Федэрацыяй, і ніякіх спробаў умяшацца ў гэтыя ўзаемадачыненні ніколі не было, і я мяркую, ніколі не будзе», – перакананы Рыбакоў.

Нагадваем, 13 снежня пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спецпасланнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам на волю выйшлі 123 палітычныя зняволеныя. 114 вызваленых вывезлі ва Украіну і 9 – у Літву.

У калоніях, турмах і следчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зняволенымі.

аз

МЗС Украіны: Лукашэнку не пазбегнуць адказнасці за ўсе злачынствы

15.12.2025 11:50
«Мы лічым, што вызваленне палітычных зняволеных таксама наблізіць вызваленне Беларусі як краіны», – чытаем у заяве МЗС Украіны.