Беларуская Служба

Рынак угнаенняў нервова адрэагаваў на рашэнне аб зняцці санкцый з Беларусі

17.12.2025 13:02
Між тым, найбольш відавочна ўпалі акцыі амерыканскіх вытворцаў угнаенняў.
Беларуськалійminskpromstroy.by

Курсы акцыяў ключавых вытворцаў угнаенняў знізіліся пасля рашэння ЗША зняць санкцыі з Беларусі – аднаго з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў калійных угнаенняў. Такім чынам адбылося нягледзячы на тое, што перашкоды для паставак беларускага калію захоўваюцца, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Bloomberg.

Найбольш відавочна ўпалі акцыі амерыканскіх вытворцаў угнаенняў. Паперы Nutrien Ltd знізіліся на 5,6% – гэта самае рэзкае ўнутрыдзённае падзенне больш чым за восем месяцаў. Акцыі Mosaic Co. праселі на 4,2%.

Дзяржаўная беларуская кампанія «Беларуськалій», расійская Uralkali PJSC, а таксама Nutrien і Mosaic – чатыры найбуйнейшыя пастаўшчыкі на сусветным рынку, нагадвае «Свабода».

Таргі акцыямі еўрапейскіх вытворцаў угнаенняў былі больш спакойнымі: Yara International ASA вырасла на 0,6%, а K + S AG засталася без зменаў.

Хоць Беларусь, імаверна, паспрабуе вярнуцца на амерыканскі рынак, шмат што залежыць ад лагістыкі паставак. Санкцыі Еўрасаюза застаюцца ў сіле, а ў краіны няма ўласных марскіх партоў. Такім чынам беларусам па-ранейшаму давядзецца абапірацца на расійскія балтыйскія тэрміналы і чыгуначны экспарт у Кітай.

Найбуйнейшы гандлёвы маршрут праз літоўскі порт Клайпеда, праз які раней адпраўлялася больш за 90% беларускага калію, зачынены з 2022 года.

Між тым, па дадзеных Bloomberg Intelligence, ЗША амаль цалкам імпартуюць калій з Канады. Аднак гэтыя пастаўкі могуць апынуцца пад пагрозай, калі Трамп выканае намер увесці магчымыя тарыфы на канадскія ўгнаенні, аб якіх ён заявіў на мінулым тыдні.

Экспарт калію з Беларусі ў мінулым годзе склаў 88% ад дасанкцыйнага ўзроўню, гэта з-за больш дарагіх маршрутаў праз Расію.

Таму, паводле аналітыкаў, любое павелічэнне паставак у ЗША можа прымусіць Беларусь скараціць продажы на іншых рынках, што змякчыць агульны ўплыў на цэны.

аз

У Літве заяўляюць, што транзіт беларускага калію можна ўвязаць з прысутнасцю сіл ЗША ў краіне

16.12.2025 11:08
«Нацыянальныя інатрэсы – гэта спалучэнне каштоўнаснай і прагматычнай палітыкі».