«Цвёрдую пазіцыю Літвы» мае намер прадстаўляць прэзідэнт гэтай краіны Гітанас Наўседа, калі Вільня сутыкнецца з ціскам, скіраваным на тое, каб аднавіўся транзіт беларускіх угнаенняў. Палітык выказаўся наконт гэтага ў інтэрв’ю балтыйскаму інфармагенцтву BNS, апублікаваным 12 студзеня.
На пытанне, ці магла б Літва ў выпадку ціску партнёраў аднавіць транзіт у абмен на павелічэнне ў краіне вайсковага кантынгенту ЗША або пры ўмове, што прыбытак наўпрост ішоў бы ў абаронны бюджэт, Наўседа адказаў, што не гатовы на гэта пайсці.
«Для мяне каштоўнасная палітыка – не пустое паняцце і не пустое слова. Таму (...) гандляваць каштоўнасцямі – для мяне абсалютна непрымальна», – падкрэсліў кіраўнік літоўскай дзяржавы.
Як нагадвае «Позірк», Літва забараніла транзіт беларускіх угнаенняў на пачатку 2022 года, абапіраючыся на санкцыі ЗША, бо ЕС увёў адпаведныя абмежаванні пазней.
13 снежня 2025 года пасля перагавораў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Амерыканскі дыпламат заявіў, што ЗША на ўказанне прэзідэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.
15 снежня Упраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК).
16 снежня галоўны дарадца Наўседы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс заявіў, што транзіт беларускага калію па тэрыторыі Літвы можа быць увязаны з размяшчэннем у краіне дадатковага вайсковага кантынгенту ЗША.
Наўседа 30 снежня абверг інфармацыю пра тое, што ЗША пасля зняцця сваіх санкцый з беларускіх калійных угнаенняў чыніць ціск на Літву, каб заахвоціць яе дазволіць транзіт гэтай прадукцыі з наступнай адгрузкай у порце Клайпеды.
аз