У польскім Фондзе сацыяльнага страхавання (ZUS) на канец снежня 2025 года было зарэгістравана 138 тыс. 730 грамадзян Беларусі. Беларусы застаюцца другой па колькасці групай замежнікаў на польскім рынку працы, саступаючы толькі ўкраінцам.
Нягледзячы на агульны рост за год, у снежні колькасць застрахаваных беларусаў крыху скарацілася – на 1 тыс. 002 чалавекі ў параўнанні з лістападам, паведамляе выданне Reform.news са спасылкай на польскую сістэму сацстрахавання. Гэта адбылося на фоне агульнага зніжэння колькасці застрахаваных замежнікаў у Польшчы, якая да канца года склала 1 млн 289 тыс. чалавек (мінус 6 тыс. у параўнанні з кастрычнікам).
Размеркаванне паводле нацыянальнасцяў сярод замежных працаўнікоў у Польшчы выглядае наступным чынам: украінцаў – амаль 857 тыс. чалавек (скарачэнне на 5 тыс. да лістапада), беларусаў – 138 тыс. 700 чалавек, грузінаў – амаль 26 тыс. чалавек.
Калі параўноўваць гэтыя лічбы са звесткамі за студзень 2025 года, то бачная тэндэнцыя да паступовага росту лічбы беларусаў у Польшчы. Год таму ў ZUS былі зарэгістраваныя 135 тыс. беларусаў (пры агульнай колькасці замежнікаў у 1 млн 191 тыс.). Такім чынам, за 2025 год колькасць беларусаў, якія афіцыйна працуюць і плацяць узносы ў фонд сацстрахавання, павялічылася прыкладна на 3 тыс. 700 чалавек, а агульная колькасць легальных працаўнікоў-замежнікаў у краіне вырасла амаль на 100 тыс.
вс