Беларуская Служба

Цыбульны бізнес у Беларусі прыносіць палітыку ўльтраправай нямецкай партыі новыя непрыемнасці

13.03.2026 14:01
Супраць дэпутата ад «Альтэрнатыва для Германіі»падалі зварот у Міжнародны крымінальны суд.
ЦыбуляCouleur/pixabay.com/CC0 Public Domain

Двое нямецкіх адвакатаў (Ян Вінтэрхальтэр і Фэрдынанд Морс) падалі зварот у Міжнародны крымінальны суд супраць саксонскага дэпутата ад ўльтраправай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ), які валодае цыбулевымі палямі ў Беларусі. Такім чынам кампанія «Цыбулька-Бел», якую заснаваў дэпутат Ёрг Дорнаў (Jörg Dornau), працягвае прыносіць непрыемнасці свайму ўладальніку, паведамляе Deutsche Welle.

Нагадваем, раней Ёрг Дорнаў быў вымушаны заплаціць больш за 20 тысяч еўра штрафу за тое, што схаваў даходы ад свайго беларускага бізнесу. Пазней ён пазбавіўся дэпутацкага імунітэту і стаў абвінавачаным па справе аб пастаўках тэхнікі ў Беларусь у абыход санкцый. Цяпер жа дзейнасць беларускай кампаніі палітыка стала падставай для звароту нямецкіх адвакатаў у Міжнародны крымінальны суд (МУС).

У ім юрысты прыводзяць інфармацыю аб тым, што ў Беларусі, паводле іх ацэнкі, учыняюцца злачынствы супраць чалавечнасці. Адным з такіх прыкладаў яны называюць выкарыстанне працы палітычных зняволеных у кампаніі «Цыбулька-Бел».

Восенню 2024 года выданне Reform.news паведаміла аб тым, што «Цыбулька-Бел» заключыла дагавор з цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў горада Ліды ў Гродзенскай вобласці. У рамках гэтай дамовы ЦІП накіроўваў арыштаваных, у тым ліку па палітычных матывах, для сезонных сельскагаспадарчых работ у кампанію, якая належыць нямецкаму дэпутату, які на той момант быў яе дырэктарам.

Пасля гэтай публікацыі адвакат Фэрдынанд Морс падаў заяву ў пракуратуру Лейпцыга аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць Ёрга Дорнаў, але пракуратура ва ўзбуджэнні справы тады адмовіла: нямецкія праваахоўнікі не знайшлі падстаў падазраваць Ёрга Дорнаў ва ўчыненні злачынстваў, за якія ён можа быць прыцягнуты да адказнасці ў Германіі.

— Нават калі меркаваць, што апісаныя абставіны маглі б разглядацца як эксплуатацыя працоўных рэсурсаў па арт. 233 КК Германіі, у Беларусі гэтае злачынства магчыма толькі пры наяўнасці прымусовай працы. Паколькі такіх звестак няма, абвінавачаны не можа быць прыцягнуты да адказнасці ў Германіі нават пры наяўнасці нямецкага грамадзянства, — заявіла ў сваім прэс-рэлізе пракуратура.

Пасля працэдуры абскарджання адвакаты прынялі рашэнне падаць зварот у Міжнародны крымінальны суд.

аз