З пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны Беларусь распрацавала сыравінную схему для сваёй керамічнай галіны, а цяпер хоча атрымаць у арэнду ад Расіі ўкраінскае радовішча кааліну — белай гліны, паведамляе «Свабода» са спасылкай на дзяржаўнага агенцтва «Укрінформ».
Як адзначаецца ў публікацыі, да 2022 году беларускія керамічныя прадпрыемствы атрымлівалі белую гліну менавіта з Дружкаўкі Данецкай вобласці. Найбольш ад вайны пацярпелі флагманы — мінскі «Керамін» і ВАТ «Бярозабудматэрыялы» з Брэсцкай вобласці.
У публікацыі адзначаецца, што пасля пачатку вайны Беларусь працягвала атрымліваць сыравіну з Данецкай вобласці, калі там ужо адбываліся баявыя дзеянні.
— Паводле нашых ацэнак, толькі задакументаваны аб’ём паставак перавышае 600 мільёнаў расійскіх рублёў (прыблізна 7,5 мільёнаў долараў у эквіваленце). І гэта толькі частка, якую ўдалося верыфікаваць. Рэальныя аб’ёмы — значна вышэйшыя, улічваючы сістэмнасць і рэгулярнасць схемы, — сказаў прадстаўнік арганізацыі BelPol Уладзімер Жыгар.
Выданне апублікавала дакументы, якія ім перадала арганізацыя BelPol. З іх вынікае, што Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі 1 ліпеня 2024 года ў сваім лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб пачатку ў 2023 годзе перамоў з Расіяй аб перадачы «Кераміну» ў арэнду радовішчаў гліны ў раёне Дружкаўкі. Яны належаць украінскаму прадпрыемству «Веско» і на момант перамоў знаходзіліся і цяпер застаюцца пад кантролем Украіны.
У перамоўным працэсе ўдзельнічалі Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі, органы так званай ДНР і расійскі «Фонд развіцця тэрыторый». Аднак у 2023 годзе Расія адказала Мінску, што разгляд гэтага пытання «заўчасны», бо маёмасны комплекс яшчэ не знаходзіцца пад расійскім кантролем.
У красавіку 2024 года, на выкананне даручэнняў Лукашэнкі, «Керамін» падрыхтаваў новы пакет дакументаў наконт перадачы ў арэнду і зноў атрымаў аналагічны адказ з Расіі. Цягам таго году Мінск не спыняў спробаў атрымаць кантроль над украінскімі радовішчамі, а калі ў расійскім «Фондзе развіцця тэрыторый» паведамілі, што гэта будзе адбывацца ў межах адкрытага конкурсу, вырашылі звярнуцца наўпрост да расійскага ўраду.
аз