Беларуская Служба

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі старонку памерлага ў турме Алеся Пушкіна

07.05.2026 09:00
Старонка трапіла ў пералік «забароненых», хоць даўно ператварылася з асабістай у мемарыяльную.
Алесь ПушкінЗдымак з адкрытых крыніц

Улады Беларусі 6 траўня ўнеслі ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» старонкі палітыкаў Алеся Лагвінца ў сацыяльнай сетцы Facebook і Анатоля Лябедзькі ў Threads. Але найбольшую ўвагу прыцягнула ўнясенне ў згаданы спіс старонкі Алеся Пушкіна ў Facebook, паведамляе «Свабода».

Пасля смерці Алеся Пушкіна ў ліпені 2023 года ягоная старонка ў сацыяльнай сетцы ператварылася фактычна ў мемарыяльную. Робячы допісы пра кнігі, выставы і іншае са згадкай славутага мастака, людзі пазначаюць яго ў допісе. Старонка не закрытая, а таму падобныя допісы са згадкай Пушкіна з’яўляюцца на ёй. Праўдападобна, гэта і стала прычынай прызнання старонкі «экстрэмісцкай», хаця раней улады ўносілі ў адпаведны спіс нават супольнасці і старонкі з вельмі малой лічбай падпісантаў або даўно нядзейныя.

Прызнанне асабістай старонкі Алеся Пушкіна экстрэмісцкай фактычна азначае тое, што людзі, якія публікавалі допісы з пазначэннем мастака або каментавалі нешта на старонцы Пушкіна, могуць апынуцца пад пагрозай крымінальнага пераследу. Асабліва гэта пагражае тым, хто знаходзіцца ў Беларусі або працягвае туды ездзіць.

Беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перформер, арт-куратар, сябра Беларускага саюзу мастакоў, палітычны вязень Алесь Пушкін быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за «рэабілітацыю нацызму».
Ён памёр падчас аперацыі ў турэмным шпіталі ў ноч на 11 ліпеня 2023 года. Пазней стала вядома, што ў турме ў Пушкіна развіўся перытаніт. Незалежныя крыніцы ў СМІ адзначалі, што смерць наступіла праз неаказанне медычнай дапамогі ў турме.

аз

Пракуратура: За навучанне і працу ў ЕГУ можа пагражаць да шасці гадоў зняволення

06.05.2026 09:52
У красавіку беларускі рэжым прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт экстрэмісцкай арганізацыяй.