Кіраўнік каманды распрацоўшчыкаў платформы Павел Лібер расказаў «Люстэрку», што ўжо ў красавіку яны атрымлівалі па 12 млрд запытаў за восем гадзін.
— Праблема яшчэ і ў тым, што гэта не проста запыты ад стандартнай ботнет-сеткі, якія лёгка адсейваюцца, а эмуляцыя сапраўдных мабільных і дэсктопных прылад. Большую частку гэтага трафіку складана адсеяць, — тлумачыць Лібер.
Ён адзначыў, што трафік быў замаскаваны пад звычайных карыстальнікаў з заходніх краін, што ўскладняе абарону.
Увечары 11 траўня было зафіксавана 1,9 млрд запытаў на платформу «Тры сланы», дзе была размешчана інфармацыя аб выбарчых спісах, і 1,3 млрд — на саму платформу для галасавання. Паводле ацэнкі Паўла Лібера, кошт такіх атак можа быць вельмі значным.
— Паводле нашых падлікаў, за красавік рэжым выдаткаваў каля 50 тысяч еўра. Атака 11 траўня каштавала менш — думаю, недзе 4-5 тысяч еўра. Мяркуем, што гэта можа паўтарацца на працягу ўсіх выбараў, — распавёў Лібер.
Павел Лібер упэўнены, што платформа для галасавання на выбарах КС выстаіць, нават калі ў бліжэйшыя дні атакі ўзмоцняцца.
Плануецца, што выбары ў Каардынацыйную раду працягнуцца да 18 траўня, калі не будзе прынята рашэнне аб падаўжэнні тэрміну з-за позняга старту, выкліканага атакай. Інструкцыя па галасаванні апублікавана ў тэлеграм-канале КС.
паводле Люстэрка/ав