— Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвегія і Украіна далучаюцца да гэтага рашэння Рады, — адзначаецца ў заяве высокай прадстаўніцы ЕС у пытаннях замежных спраў Каі Калас.
Усе гэтыя краіны цяпер мусяць забяспечыць адпаведнасць сваёй нацыянальнай палітыкі гэтаму рашэнню Еўрапейскага саюза.
— Еўрапейскі саюз прымае да ведама гэта абавязанне і вітае яго, — адзначыла Кая Калас.
Дадатковыя санкцыі супраць Беларусі ўвялі за падтрымку Беларуссю расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У пераліку абмежаванні на пастаўку тавараў падвойнага прызначэння, якія могуць спрыяць вайсковаму і тэхналагічнаму ўдасканаленню Беларусі або развіццю яе сектара абароны і бяспекі.
Апроч таго, у новым пакеце прадугледжаны дадатковы спіс тавараў і тэхналогій, на якія распаўсюджваецца забарона нават на транзіт праз тэрыторыю Беларусі.
ЕС таксама забараніў надаваць Беларусі, ураду і дзяржаўным органам паслугі, што павялічваюць тэхналагічны патэнцыял краіны, а таксама паслугі, звязаныя з турыстычнай дзейнасцю ў Беларусі.
Краіны ЕС увялі дадатковыя забароны на імпарт тавараў, якія дазваляюць Беларусі дыверсіфікаваць свае крыніцы даходу, а таксама на ўдзел, прамы ці ўскосны, у любых здзелках, звязаных з лічбавай валютай Цэнтральнага банку Беларусі, або любую іншую падтрымку для развіцця такога праекту. Забаронены таксама аперацыі з любымі крыптавалютнымі платформамі, створанымі ў Беларусі.
Свабода/ав