Урад Літвы прапануе дэнансаваць пагадненне з Беларуссю аб парадку паездак жыхароў памежных тэрыторый, падпісанае ў 2010 годзе. Кабінет міністраў Літвы на пасяджэнні 13 траўня ўхваліў рашэнне звярнуцца да прэзідэнта з просьбай унесці ў Сейм прапанову аб скасаванні гэтай дамовы з Мінскам, якой, дарэчы, беларускі бок дагэтуль не ратыфікаваў, нагадвае «Свабода».
Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Літвы, нягледзячы на тое, што пагадненне было заключанае 16 гадоў таму, яно так і не набыло сілы.
— За гэты перыяд ад Рэспублікі Беларусь не паступала апавяшчэнняў аб завяршэнні ўнутраных працэдур, у сувязі з чым пагадненне лічыцца неактуальным, – заявілі агенцтву BNS у Міністэрстве замежных спраў Літвы.
Мэтай дакумента было надаць жыхарам памежных тэрыторый права перасякаць мяжу па спецыяльных дазволах і знаходзіцца на сумежнай тэрыторыі да 90 дзён на працягу паўгода. Літва ратыфікавала пагадненне ў 2011 годзе, а Беларусь гэта так і не зрабіла.
Краіны-суседзі Беларусі, якія ўвайшлі ў свой час у Шэнгенскую зону, былі зацікаўленыя захаваць культурныя, дзелавыя, сваяцкія сувязі з беларусамі. Таму Еўрасаюз пачаў працаваць над заканадаўствам для пагадненняў аб малым памежным руху, і ў канцы 2006 года быў прыняты спецыяльны рэгламент для рэгулявання такіх пагадненняў. Малы памежны рух прадугледжвае спрошчаны рэжым перасячэння мяжы для жыхароў на тэрыторыі 30-50 км ад дзяржаўнай мяжы.
Аналагічнае пагадненне з Польшчай таксама не было ратыфікаванае беларускім бокам. У МЗС Беларусі патлумачылі, што гэтаму нібыта перашкаджае палітыка Літвы і Польшчы адносна беларускіх уладаў.
У выпадку з Латвіяй пагадненне спачатку запрацавала, але ў 2022 годзе і яно было скасаванае Рыгай пасля таго, як Беларусь дазволіла Расіі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну.
аз