Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што пагроза новага наступу Расіі з тэрыторыі Беларусі застаецца цалкам рэальнай. Пра гэта вайсковы сказаў у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню «Мілітарний».
Паводле Сырскага, цяпер працягласць актыўнай лініі фронту складае каля 1200 кіламетраў, а расійскія войскі маюць амаль двухразовую перавагу ў колькасці брыгад і палкоў.
— Мы ведаем даныя разведкі і тое, што расійскі Генштаб цяпер актыўна плануе наступальныя дзеянні з поўначы. Гэта азначае, што фронт можа яшчэ павялічыцца.
Сырскі падкрэсліў, што ў Кіеве сур’ёзна ўспрымаюць інфармацыю пра магчымую аперацыю з боку Беларусі.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Аляксандр Лукашэнка вядзе перамовы з Масквой пра больш глыбокае ўцягванне Беларусі ў вайну. Паводле ўкраінскіх уладаў, Расія разглядае сцэнары выкарыстання беларускай тэрыторыі як супраць Украіны, так і супраць краін НАТА.
эж