Сусветная федэрацыя каратэ і Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту знялі ўведзеныя імі раней санкцыі ў дачыненні да беларускіх спартсменаў, вынікае з распаўсюджанай 27 траўня інфармацыі Міністэрства спорту і турызму Беларусі, паведамляе «Позірк».
Цяпер беларусы могуць выступаць на спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай згаданых федэрацый, пад дзяржаўнай сімволікай, яна таксама можа выкарыстоўвацца трэнерамі і дапаможным персаналам.
Гэта датычыцца, у прыватнасці, запланаваных на 2027 год летняй і зімовай Універсіяды адпаведна ў Рэспубліцы Карэі і Кітаі.
7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) заявіў, што «больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў».
Адзначалася, што МАК «скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў».
Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі, акрамя згаданых дзвюх федэрацый, аб’яднанні па гімнастыцы, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе.
Таксама ў беларускіх СМІ з’яўляюцца спекуляцыі з нагоды нібыта запланаванага з 2027 года вяртання на міжнародную арэну беларускай зборнай па хакеі з шайбай.
Захаваныя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх лёгкаатлетаў, тэнісістаў і іншых спартсменаў, а зборныя па футболе і футбольныя клубы па-ранейшаму праводзяць «хатнія» міжнародныя афіцыйныя гульні на нейтральных палях.
28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям у розных відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.
аз