19 верасня 2026 года на знакамітай верфі NDSM у Амстэрдаме адбудзецца маштабны перформанс саўдзелу пад назвай «A Percussion Piece» («Удар па цішыні»). Арганізатары плануюць сабраць каля 1200 чалавек, каб супольна выступіць у падтрымку людзей, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі па палітычных матывах, паведамляе «Вясна».
Сутнасць перформансу: стань голасам тых, хто маўчыць. Аўтар праекта, медыямастак і куратар Максім Тымінька, прапануе ўдзельнікам апрануць кардонныя маскі з тварамі рэальных беларускіх палітвязняў. Выкарыстоўваючы простыя бытавыя прадметы — каструлі, вёдры, бляшанкі ці вечкі — як імправізаваныя ўдарныя інструменты, людзі створаць супольны гукавы ландшафт. Гэта стане сімвалічным «голасам» для тых, каго спрабуюць змусіць маўчаць у турмах.
Перформанс будзе доўжыцца каля 20–30 хвілін. Яго мэта — не толькі нагадаць пра сотні зняволеных пасля падзей 2020 года, але і падкрэсліць крохкасць свабоды нават у краінах з даўняй дэмакратыяй. Па выніках акцыі будзе створаны відэаартэфакт для паказу ў сусветных музеях і галерэях.
Арганізатарам мерапрыемства выступае фонд antiwarcoalition.art — міжнародная каманда беларускіх і ўкраінскіх культурных дзеячаў у партнёрстве з праваабарончымі і грамадскімі ініцыятывамі. Сярод іх – «Вясна», Libereco, Politzek.me, MÀRA, PEN Nederland і іншыя.
Напярэдадні асноўнай акцыі, 5 верасня, у амстэрдамскім цэнтры De Balie адбудзецца дыскусія пра важнасць барацьбы за свабоду. Там выступяць праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, філосафка Вольга Шпарага, а таксама запланаваны перформанс на аснове эсэ былога палітвязня і юрыста Максіма Знака.
Арганізатары запрашаюць усіх неабыякавых стаць часткай гэтага акту салідарнасці. Зараз адкрыта рэгістрацыя для непасрэдных удзельнікаў перформансу, а таксама ідзе збор валанцёраў і спонсараў для падтрымкі праекта.
аз