Еўрапейская Камісія вывучыць, якія міжнародныя спартыўныя арганізацыі атрымліваюць фінансаванне з бюджэту ЕС пасля закліку дзевяці краін пазбавіць падтрымкі федэрацыі, што дазваляюць вяртанне беларускіх і расійскіх спартсменаў на міжнародныя спаборніцтвы. Пра гэта паведамляе reform.news.
З адпаведнай ініцыятывай да еўракамісара па спорце звярнуліся Эстонія, Данія, Фінляндыя, Латвія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Румынія і Швецыя. Гэтыя краіны прапануюць выключыць беларускія і расійскія арганізацыі з праграм фінансавання ЕС, у тым ліку Erasmus+.
Прадстаўніца Еўракамісіі Анна-Кайса Іканен заявіла, што Брусель прааналізуе механізмы фінансавання спартыўных арганізацый і падкрэсліла: павага да іх аўтаноміі не азначае аўтаматычнага права на атрыманне еўрапейскіх сродкаў.
Таксама ў Еўракамісіі пацвердзілі, што не падтрымліваюць рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта, якое адкрыла шлях да вяртання расійскіх спартсменаў у алімпійскую кваліфікацыю.
эж