Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ЕС пашырыў санкцыі супраць Беларусі, сінхранізаваўшы іх з 21-м пакетам абмежаванняў супраць Расіі

24.07.2026 14:03
Пад санкцыі трапілі Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Еўрапейская гандлёвая кампанія і тры беларускія прадпрыемствы, звязаныя з абароннай прамысловасцю. 
Еўрапейскія сцягі лунаюць перад будынкам Еўрапейскай камісіі ў Бруселі PAP/EPA/OLIVIER MATTHYS

Еўрапейскі Cаюз афіцыйна ўвёў новыя санкцыі супраць Беларусі, сінхранізаваўшы іх з 21-м пакетам абмежаванняў супраць Расіі, — піша «Люстэрка».

Пад санкцыі трапілі Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Еўрапейская гандлёвая кампанія і тры беларускія прадпрыемствы, звязаныя з абароннай прамысловасцю. ЕС таксама пашырыў гандлёвыя, экспартныя і фінансавыя абмежаванні.

У Брусэлі заявілі, што новыя меры звязаныя з працягам падтрымкі Мінскам расійскай агрэсіі супраць Украіны. Абмежаванні закранулі экспарт у Беларусь нікелю і яго сплаваў, асобных матэрыялаў для авіяцыйнай і абароннай прамысловасці, а таксама абсталявання для беспілотнікаў.

ЕС таксама забараніў імпарт з Беларусі шэрагу руд і металаў, неапрацаванага цынку, вырабаў са шкла і аўтазапчастак. З 25 жніўня абмежаванні распаўсюдзяцца амаль на ўсе паслугі ў сферы крыптаактываў для беларускіх грамадзян і рэзідэнтаў.

Акрамя таго, санкцыі ЕС закрануць беларускія прадпрыемствы, якім забароняць пастаўляць тавары і тэхналогіі падвойнага прызначэння. Разам з тым ЕС прадугледзеў выключэнні для абсталявання, неабходнага для падтрымання грамадзянскай інтэрнэт-інфраструктуры ў Беларусі.

эж