Беларускі ПЭН у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам "Вясна", Прэс-клубам Беларусь, фондам "Свабодная прэса для Усходняй Еўропы" і Фондам Алеся Бяляцкага абвяшчае старт прэміі "Голас пакалення свабоды 2026". Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія былі вымушаны эміграваць праз палітычны пераслед пасля 2020 года.
Мэта прэміі — выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама адзначыць іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій. Прэмія прызначана для дзеячаў/дзяячак, якія пасля 2020 года мусілі з’ехаць з Беларусі ад палітычнага ці грамадскага пераследу, цяпер пражываюць у Польшчы, Чэхіі або Літве, але працягваюць сваю дзейнасць пры складаных жыццёвых абставінах.
Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Уладзімір Лабковіч («Вясна»), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»), Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага).
Кандыдаты/кандыдаткі на атрыманне прэміі мусяць адпавядаць асноўным крытэрыям:
— Маюць значныя дасягненні ў літаратуры, журналістыцы і/або галіне абароны правоў чалавека ў Беларусі.
— Актыўна ўдзельнічалі ў пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.
— Ім споўнілася 65 гадоў у год уручэння прэміі (у выключных выпадках узроставы цэнз можа быць зніжаны да 63 гадоў).
— Былі вымушаны эміграваць з Беларусі з-за палітычнага або грамадскага пераследу пасля 2020 года і цяпер пражываюць у Польшчы, Чэхіі або Літве.
— У сваёй дзейнасці вылучаюцца грамадзянскай адвагай і непахіснасцю прынцыпаў, а таксама адназначна і відавочна не падтрымліваюць, не транслююць і не асацыююцца ўстойліва з ідэямі, дзеяннямі, пазіцыямі, што пярэчаць дэмакратычным каштоўнасцям, уключаючы правы чалавека.
— Дэкларуюць прыхільнасць прынцыпам правоў чалавека.
— Працягваюць сваю дзейнасць пры складаных жыццёвых абставінах.
— Абавязваюцца ў вызначаны тэрмін быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з запісам інтэрв’ю.
— Не былі лаўрэатамі/лаўрэаткамі прэміі ў папярэднім годзе.
У 2026 годзе прэмію атрымаюць дзевяць лаўрэатаў/лаўрэатак.
Імёны часткі лаўрэатаў/лаўрэатак прэміі могуць быць зашыфраваны і не абвяшчацца публічна з меркаванняў бяспекі, пры наяўнасці аргументаваных прычын. Непублічна прэмію маюць права атрымаць не больш за тры лаўрэаты/лаўрэаткі.
Кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту інфармавання пра вынікі адбору і да 7 лістапада 2026 года быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з запісам інтэрв’ю.
Вылучыць кандыдатаў/кандыдатак на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Арганізацыі-партнёры адказваюць за верыфікацыю асобы і рашэнне аб вылучэнні яе на разгляд журы праз унутраную анлайн-форму. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата/кандыдаткі і абгрунтаванне. Намінаваць можна да 31 ліпеня 2026 года ўключна. Абвяшчэнне лаўрэатаў/лаўрэатак адбудзецца восенню 2026 года.
Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра).
Акрамя таго, матэрыялы пра публічных лаўрэатаў/лаўрэатак увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для публічных лаўрэатаў/лаўрэатак.
Арганізатары і партнёры прэміі, а таксама іх кантактныя адрасы:
Беларускі ПЭН svaboda@penbelarus.org
Беларуская асацыяцыя журналістаў padtrymka60@baj.media
Праваабарончы цэнтр «Вясна» viasna@spring96.org
Прэс-клуб Беларусь pressclub@solidarityby.eu
Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» info@fpee.eu
нг