Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Урад Беларусі агучыў эканамічныя планы на 2027 год: рост даходаў насельніцтва запаволіцца

30.07.2026 13:15
Планы ўраду Беларусі на 2027 год значна сціплейшыя ў параўнанні з тым, што планавалі на 2026 год.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPhoto:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства эканомікі Беларусі прэзентавала праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2027 год, паведамляе «Свабода».

Як заявіў у тэлеграм-канале ўраду Беларусі міністр эканомікі Юры Чабатар, налета прырост рэальнай заработнай платы і даходаў прагназуецца на ўзроўні каля 3%.

— Сусветны валавы ўнутраны прадукт запавольваецца, і пра гэта сёння гавораць усе агенцтвы, нашы асноўныя гандлёвыя партнёры зніжаюць свае планкі росту. Мы на гэта таксама рэагуем. Мы арыентуемся на гэта, — заявіў Чабатар.

Паводле яго, задача ўраду — паскорыць інвестыцыйныя праграмы, каб абнавіць асартымент і прадаваць прадукцыю на экспарт.

Прырост экспарту плануецца на ўзроўні 2,9%, але ў асноўным ён адбудзецца за кошт экспарту паслуг, паведаміў міністр. Запланавана, што аб’ём паслуг вырасце на 4% дзякуючы турызму і ІТ.

Рост інфляцыі ў 2027 годзе прагназуецца на ўзроўні каля 6%.

У 2027 годзе таксама плануюць павялічыць будаўніцтва жылля  каля 4 млн. квадратных метраў, з іх амаль мільён  арэнднага. За першыя паўгода 2026 года ўвялі ў эксплуатацыю 1,6 млн квадратных метраў жылля, з іх арэнднага  195 тысяч квадратных метраў.

Планы ўраду Беларусі на 2027 год значна сціплейшыя ў параўнанні з тым, што планавалі на 2026 год.
За першае паўгоддзе 2026 года, паводле «Белстату», рэальныя даходы насельніцтва падняліся на 7,9%, рэальныя заробкі  на 7,5%.

Інфляцыя за паўгода склала 2,95%, экспарт за 5 месяцаў павялічыўся на 11,7%.
27 ліпеня «Белстат» апублікаваў справаздачу аб выніках беларускай эканомікі за паўгода і паведаміў пра тэндэнцыю, якая хутка стане бачнай на прылаўках крамаў: гуртовыя цэны тавараў павысіліся на 13,2%. Гэта значыць, у крамах неўзабаве з’явіцца значна даражэйшы тавар.

Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР)  5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля  3 рублі за долар. У ЕАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыцца праз імпартны ціск цэн з Расіі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволення інфляцыі ў Расіі і працягу адміністрацыйнага рэгулявання цэн. Тымчасам у Расіі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.

Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказнік, запланаваны ўрадам,  5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніцаў, склала 6,8%.

аз