28 жніўня калегія Вярхоўнага Суда разгледзіць апеляцыйную скаргу на завочны прысуд Пелагеі Корсакавай, асуджанай паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), паведамляе «Вясна».
Па гэтай справе таксама праходзяць бацькі жанчыны — Дзмітрый і Таццяна Корсакавы. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, зброі і боепрыпасаў).
Раней Мінскі гарадскі суд прызначыў Пелагеі завочна 11 гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрыю і Таццяне прысудзілі 14 і 12 гадоў зняволення адпаведна, а таксама штраф у памеры 50 тысяч рублёў.
Праваабаронцам стала вядома, што да суда каля пяці месяцаў мужа і жонку ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, дзе на Таццяну аказвалі псіхалагічны ціск: яе пазбаўлялі доступу да лекаў, змяшчалі ў «мяккі пакой» і прымушалі стаяць па 12 гадзін за чырвонай лініяй. Таксама ёй не давалі вады, а пакідалі толькі міску з перасмажанай рыбай.
аз