За 10 гадоў, якія ў Беларусі дзейнічае закон «Аб альтэрнатыўнай службе», прайсці яе змаглі толькі 345 прызыўнікоў. Такую лічбу назваў начальнік упраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко, паведамляе «Еўрарадыё».
— Альтэрнатыўшчыкамі не становяцца проста па жаданні — для гэтага патрэбныя глыбокія рэлігійныя перакананні, якія не дазваляюць трымаць зброю або вырабляць яе. Гэта вызначае прызыўная камісія, — перадае словы Кацко дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА.
Тэрытарыяльна найбольшая колькасць альтэрнатыўшчыкаў паходзіць з Гродзенскай вобласці — 85 чалавек.
Каля паловы прызыўнікоў, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, складаюць хрысціяне веры евангельскай, яшчэ 27% — сведкі Іеговы. Таксама ёсць евангельскія хрысціяне-баптысты, праваслаўныя і прадстаўнікі іншых канфесій, кажа чыноўнік.
Большасць альтэрнатыўшчыкаў (больш за 54%) працуе на абʼектах аховы здароўя. Акрамя таго, іх адпраўляюць у пансіянаты, тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва, на абʼекты жыллёва-камунальнай і лясной гаспадаркі.
Альтэрнатыўная служба ў Беларусі складае 36 месяцаў для грамадзян без вышэйшай адукацыі і 24 месяцы для тых, хто мае вышэйшую адукацыю. Гэта ў два разы болей за звычайную тэрміновую службу (18 і 12 месяцаў адпаведна).
аз