Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Спроба абмежаваць доступ да інфармацыі». Рэакцыя Польскага агенцтва друку на рашэнне беларускага суда

31.07.2026 10:10
Толькі ў ліпені ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі больш за 100 сайтаў, старонак у сацыяльных сетках і кніг.
.
Ілюстрацыя. Графіка: kaztag.kz

Сайт Польскага агенцтва друку (PAP) унесены ў беларускі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства інфармацыі Беларусі. Генеральны дырэктар PAP Марэк Блоньскі заявіў, што гэта чарговая спроба абмежаваць доступ да незалежнай і дакладнай інфармацыі.

Рашэнне прыняў раённы суд Магілёўскай вобласці. У спіс уключылі сайт Польскага агенцтва друку www.pap.pl, а таксама сайт Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі www.revivalbelarus.org.

— Мы разглядаем гэтае рашэнне як спробу абмежаваць доступ да незалежнай і прафесійнай інфармацыі. Польскае агенцтва друку і надалей будзе асвятляць падзеі ў Беларусі ў адпаведнасці са стандартамі журналістыкі. Гэтае рашэнне не зменіць нашых прынцыпаў працы. Пры гэтым мы з асаблівай адказнасцю ставімся да бяспекі нашых крыніц і чытачоў у Беларусі, — адзначыў Марэк Блоньскі.

Паводле Zerkalo.io, у спіс таксама дадалі некалькі акаўнтаў у Instagram, YouTube, TikTok і Telegram, у тым ліку праекты «Жыве Беларусь», «Пошукі Старога Гомеля», DZIECIUKI, harodnia.com, «Гордыя беларусы», «Беларуская моладзь» ды іншыя.

Згодна з рэестрам Міністэрства інфармацыі, толькі ў ліпені ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі больш за 100 сайтаў, старонак у сацыяльных сетках і кніг. 14 ліпеня «экстрэмісцкім матэрыялам» быў прызнаны сайт беластоцкай арганізацыі «Акно на Усход», а 20 ліпеня — акаўнты Калегіума Усходняй Еўропы ва Уроцлаве.

Рэестр вядзецца з 2008 года. Паводле дзяржаўных беларускіх СМІ, у лютым 2026 года ён ужо ўтрымліваў больш за 9 тысяч пазіцый. Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае, што ў яго ўваходзяць старонкі і каналы ў сацыяльных сетках, кнігі, сайты міжнародных арганізацый і рэсурсы, якія публікуюць спісы беларускіх палітвязняў.

Як паведамляла «Вясна», прызнанне сайта «экстрэмісцкім матэрыялам» цягне адміністрацыйную адказнасць не толькі для яго ўладальніка, але і для тых, хто пакідае каментары, ставіць адзнакі «падабаецца», распаўсюджвае або перадрукоўвае матэрыялы. Само наведванне сайта і чытанне матэрыялаў не караецца.

За распаўсюджванне такіх матэрыялаў могуць пагражаць адміністрацыйны арышт або штраф. У асобных выпадках улады могуць кваліфікаваць такія дзеянні як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», што ўжо прадугледжвае крымінальную адказнасць.

Польскае агенцтва друку (PAP) — найбуйнейшае інфармацыйнае агенцтва Польшчы. Больш за сто гадоў яно забяспечвае СМІ аб’ектыўнай і праверанай інфармацыяй з Польшчы і з-за мяжы і з'яўляецца адным з ключавых элементаў польскага медыйнага рынку.

нг

У Беларусі асудзілі завочна аднаго з заснавальнікаў беластоцкага фонду

28.07.2026 15:02
Прысуд: пяць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Рэжым у Мінску прызнаў экстрэмісцкім сайт Польскага агенцтва друку

30.07.2026 10:02
Лукашэнкаўскае Міністэрства інфармацыі сёння абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».