Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Мінску прыгразілі мерамі «асіметрычнага характару» з-за закрыцця Латвіяй мяжы з Беларуссю

03.08.2026 14:31
Пятнічным вечарам 31 ліпеня стала вядома аб закрыцці Латвіяй мяжы з Беларуссю.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gpk.gov.by

Афіцыйная прычына — тэхнічныя збоі ў працы інфармацыйных сістэм. МЗС Беларусі  адрэагавала на тое, што адбылося толькі пасля выхадных — 3 жніўня там прыгразілі Рызе мерамі ў адказ і ўсклалі ўсю адказнасць за іх на ўлады Латвіі.

У Мінску лічаць, што спасылкі на «тэхнічны збой» на латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» выглядаюць «адкрыта непераканаўча». Згодна з заявай МЗС, вадзіцеляў на мяжы прасілі развярнуцца дзеля выканання пісьмовага ўказання кіраўніка МУС Латвіі Яніса Дамбравы.

На мяжы паміж Беларуссю і Латвіяй працуе толькі адзін міжнародны пункт пропуску «Грыгараўшчына — Патэрніекі». Ён абслугоўвае легкавыя аўтамабілі, грузавы транспарт і аўтобусы.

Дыпламаты ў Мінску не сумняваюцца «ў перадвыбарнай прыродзе гэтага цынічнага кроку напярэдадні прызначаных на 3 кастрычніка выбараў у Сейм Латвіі». Яны адзначаюць, што «падобныя безадказныя дзеянні наносяць адчувальныя страты міжнароднаму гандлю, падрываючы транзітныя маршруты паміж Еўрапейскім саюзам і Кітаем, а таксама краінамі Сярэдняй Азіі, і б'юць па эканамічных інтарэсах самой Латвіі».

— У сувязі з гэтым недружалюбным крокам беларускі бок пакідае за сабой права распачаць дзеянні ў адказ у дачыненні да Латвіі, у тым ліку асіметрычнага характару, для абароны нацыянальных інтарэсаў і грамадзян Беларусі. Уся паўната адказнасці за наступствы падобных рашэнняў кладзецца на афіцыйную Рыгу, — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

«Люстэрка» нагадвае, што калі летась мяжу закрывала Літва, у Мінску вырашылі не выпускаць з краіны фуры на літоўскіх нумарах — праз любыя пагранпераходы, акрамя ўжо закрытых літоўскіх. У выніку Аляксандр Лукашэнка даручыў выпускаць машыны толькі ў сакавіку гэтага года — пасля візіту ў Мінск амерыканскага прадстаўніка Джона Коўла. Прычым для гэтага трэба было аплаціць паркоўку.

Люстэра/ав