Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Літва: Рэжым дапамагае капаць мігрантам тунэлі

03.08.2026 15:42
У дапамозе мігрантам з трэціх краін у будаўніцтве тунэляў пад літоўска-беларускай мяжой абвінаваціў беларускія ўлады начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы Рустам Любаеў.
  -
Агароджа на польска-беларускай мяжыфота: Памежная служба Польшчы

Паводле яго слоў, якія перадае LRT са спасылкай на ELTA, сёлета літоўскія пагранічнікі ўжо выявілі каля дзесяці тунэляў, праз якія мігранты спрабавалі патрапіць у краіну, у некаторых выпадках «ім удалося гэта зрабіць».

Як сцвярджае кіраўнік САДМ, збудаванні звычайна пачынаюць рыць на тэрыторыі Беларусі, затым праводзяць іх пад дзяржаўнай мяжой і выводзяць як мага далей углыб літоўскай тэрыторыі, каб «ускладніць фіксацыю моманту незаконнага перасячэння мяжы».

Самы доўгі знойдзены ўчастак тунэля на тэрыторыі Літвы склаў каля 25 м, а агульная даўжыня збудавання, паводле ацэнкі літоўскага боку, магла дасягаць 30-40 м. Некаторыя тунэлі пракладваюцца на глыбіні да васьмі метраў і ўмацоўваюцца драўнінай, дадаў ён.

— Гэта складаная работа, якая патрабуе пэўных навыкаў і пэўнай лагістыкі: павінна быць дастаўлена драўніна, з дапамогай якой умацоўваецца тунэль, — растлумачыў Любаеў.

Паводле яго слоў, «гэта яшчэ раз даказвае, што ў такой дзейнасці ўдзельнічаюць не толькі мігранты, але і беларускі бок таксама актыўна да гэтага далучаецца, магчыма, забяспечваючы лагістыку або дазваляючы мігрантам дзейнічаць у прыгранічнай зоне».

— Гэта паказвае, што, хутчэй за ўсё, рэжым суседняй краіны не адмаўляецца ад сваіх намераў захоўваць напружанасць на нашай мяжы, — сказаў на заканчэнне прадстаўнік Вільні.

Польскія пагранічнікі, нагадаў ён, сутыкнуліся з падобнай практыкай яшчэ некалькі гадоў таму.

Па дадзеных літоўскіх служб, з пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе Літва не прапусціла з тэрыторыі Беларусі каля 25,6 тыс. нелегальных мігрантаў.

Позірк/ав