Беларускія сілавікі спрабуюць знайсці інфармацыю аб патэнцыйных удзельніках канферэнцыі «Новая Беларусь», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
З невядомых акаўнтаў у месенджэрах, як паведамляецца, пішуць беларусам і распытваюць, ці плануе чалавек удзельнічаць у мерапрыемстве і як да яго рыхтуецца, піша «Позірк».
Адзін з такіх зацікаўленых прадставіўся «Сяргеем з Мінска».
Штогадовая, ужо пятая, канферэнцыя «Новая Беларусь» пачнецца ў Варшаве 7 жніўня з шэрагу сайд-івэнтаў. Асноўная праграма запланавана на 8–9 жніўня: у гэтыя дні плануецца абмеркаванне будучыні краіны, прэзентацыя праектаў і ініцыятыў. Чакаецца ўдзел дэмлідара Святланы Ціханоўскай, іншых палітыкаў і актывістаў.
Як правіла, мерапрыемства праводзіцца ў перыяд гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. На першай канферэнцыі «Новая Беларусь», якая адбылася ў 2022 годзе ў Вільні, Ціханоўская абвясціла пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету і прызначыла яго прадстаўнікоў.
На другім форуме ў 2023 годзе ў Варшаве палітык зрабіла пэўныя кадравыя змены ў АПК, прадэкларавала імкненне дэмсіл дамагчыся ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз.
Падчас трэцяй канферэнцыі ў 2024 годзе ў Вільні сярод іншага была падпісана «Платформа 2025» — сумесная стратэгія дзеянняў дэмсіл на год.
У 2025 годзе ў Міністэрства замежных спраў Беларусі напярэдадні канферэнцыі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы, якому была ўручана адпаведная нота ў сувязі з планаваным мерапрыемствам і вулічнай акцыяй.
Сілавікі неаднаразова пагражалі ўдзельнікам палітычных акцый за мяжой, супраць іх распачынаўся крымінальны пераслед.
вс