Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Lawtrend: у ліпені ціск на грамадзянскую супольнасць у Беларусі працягваў узмацняцца

06.08.2026 16:02
Ліпень 2026 года пацвердзіў тэндэнцыю да далейшага скарачэння прасторы для дзейнасці незалежнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Lawtrend
Lawtrendspring96.org

Праваабарончая арганізацыя Lawtrend апублікавала маніторынг сітуацыі са свабодай асацыяцый і становішчам арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі за ліпень 2026 года, паведамляе «Вясна».

Аўтары адзначаюць, што ў краіне захоўваецца сістэмны ціск на незалежныя арганізацыі, іх кіраўнікоў і актывістаў.

Паводле дадзеных маніторынгу, асноўнымі тэндэнцыямі ліпеня сталі далейшая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый, актыўнае выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для пераследу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, пашырэнне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», ужыванне завочнага крымінальнага пераследу ў дачыненні да актывістаў за мяжой, а таксама ўзмацненне адміністрацыйнага і фінансавага кантролю за юрыдычнымі асобамі.

Па стане на канец ліпеня 2026 года з пачатку палітычнага крызісу 2020 года Беларусь страціла не менш за 2 053 некамерцыйныя арганізацыі.

Да канца ліпеня ў пералік арганізацый і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, былі ўключаныя 376 суб'ектаў. Працягнулася практыка прызнання інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Lawtrend адзначае далейшае абмежаванне культурнай і грамадскай актыўнасці. На думку арганізацыі, заканадаўства аб масавых мерапрыемствах усё часцей ужываецца нават у дачыненні да непалітычных культурных і забаўляльных падзей.

З пачатку 2026 года падатковыя органы атрымалі права блакаваць рахункі арганізацый, якія адсутнічаюць па месцы дзяржаўнай рэгістрацыі — гэтая практыка ўжо закранула і некамерцыйныя арганізацыі.

У ліпені набылі моц змены, якія пашыраюць паўнамоцтвы Камітэта дзяржаўнага кантролю. Цяпер КДК атрымаў дадатковыя магчымасці:

— прыпыняць дзейнасць юрыдычных асоб;
 блакаваць банкаўскія рахункі і электронныя гаманцы;
 забараняць рэгістрацыйныя дзеянні.

Таксама зменены статус Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў  цяпер ён прызначаецца непасрэдна Лукашэнкам і падпарадкоўваецца яму, што, паводле ацэнкі Lawtrend, узмацняе дзяржаўны кантроль у гэтай сферы.

У арганізацыі робяць выснову, што ліпень 2026 года пацвердзіў тэндэнцыю да далейшага скарачэння прасторы для дзейнасці незалежнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

аз