Гурт «Крамбамбуля» і яго лідар Лявон Вольскі анансавалі канцэрт для беларусаў па ўсім свеце. Паводле слоў музыкантаў, гэта будзе Усебеларускі карпаратыў, на які кожны ахвочы здолее трапіць з любога куточку планеты — паведамляе Белсат.
— «Крамбамбуля» за гады сваёй бурлівай дзейнасці якія толькі канцэрты не грала — і маленькія карпаратывы для некалькіх дзясяткаў чалавек, і вялікія карпаратывішчы для сотняў і тысяч, і велізарныя стадыённыя шоу для дзясяткаў тысяч. Дык запрашаем усіх на, спадзяемся, найвялікшы паводле ахопу, глабальны ўсебеларускі карпаратыў, дзе прагучыць усё — і забаўляльныя настальгічныя хіты, і мабілізацыйна-іранічныя «ваенныя песні»! — кажа Лявон Вольскі.
Незвычайны анлайн-канцэрт адбудзецца на Youtube-канале Сепультура Alive, які быў адмыслова створаны для трансляцый выступаў музыкантаў, якія не маюць магчымасці граць у Беларусі. «Усебеларускі карпаратыў» «Крамбамбулі» адбудзецца 20 жніўня а 20:00 паводле мінскага часу.
Канцэрты ладзяцца дзякуючы фінансавай падтрымцы гледачоў. Ім прапануюць набыць сімвалічныя квіткі на выступ любімага артыста ці падпісацца на штомесячнае падтрымліванне праекта Сепультура Alive. На канале ўжо адбыліся трансляцыі канцэртаў Naviband, J:Морс, Irdorath, Светы Бень і іншых беларускіх артыстаў.
Усебеларускі карпаратыў «Крамбамбулі» можна будзе паглядзець праз спасылку.
нг