4 тыс. 953 з запытаных 10 тыс. еўра сабрана для дзяцей палітвязняў да новага навучальнага года, вынікае з інфармацыі на сайце фонду салідарнасці BySol.
Збор быў абвешчаны 31 ліпеня. Такім чынам, за сем дзён сабрана 49,5% неабходных сродкаў, паведамляе «Позірк».
BySol адзначаў, што кожны год атрымлівае каля 200 заявак на ўдзел у дзіцячым школьным зборы. Па дапамогу звяртаюцца сем’і, дзе адзін з бацькоў або абодва знаходзяцца ў зняволенні альбо былі асуджаныя па палітычных матывах. У большасці выпадкаў такія сем’і знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, а падрыхтоўка дзіцяці да школы становіцца для іх дадатковай фінансавай нагрузкай.
— Дапамога ў памеры 100 еўра ў рамках дзіцячага збору дазваляе пакрыць самыя неабходныя выдаткі: набыць школьныя прыналежнасці і хаця б частку школьнага адзення. Гэта простыя рэчы, без якіх дзіцяці цяжка адчуваць сябе нароўні з аднагодкамі. Гэта таксама наш спосаб паказаць і дзецям, і дарослым, што побач ёсць мноства неабыякавых людзей, — паведаміў BySol.
Плануецца, што кожнае дзіця да 16 гадоў атрымае па 100 еўра. Заяўкі на атрыманне дапамогі прымаюцца да 21 жніўня ўключна.
Заяўку могуць падаць сем’і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін або абодва бацькі знаходзяцца ў зняволенні не менш за тры месяцы, былыя палітвязні з дзецьмі, вызваленыя пасля 1 студзеня 2024 года.
Каб атрымаць дапамогу, неабходна запоўніць форму. Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і за яе межамі.
У 2025 годзе фінансавую дапамогу да 1 верасня атрымалі 167 дзяцей з 105 сем’яў. Пасля 1 верасня збор працягваўся — у выніку дапамогу атрымалі 253 дзіцяці, менавіта столькі яе прасілі.
Было сабрана 19 тыс. 951 еўра з неабходных 26 тыс. 80 еўра.
вс