Амерыканская дэлегацыя на чале са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам прыбыла ў Мінск, паведамляе «Позірк» са спасылкай на тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле згаданай крыніцы, беларуска-амерыканскія перагаворы пройдуць у Палацы Незалежнасці. Адзначаецца, што ў іх акрамя Аляксандра Лукашэнкі таксама возьме ўдзел прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Пра тое, што Коўл прыбудзе ў Мінск 15 верасня, Лукашэнка заявіў напрыканцы мінулага тыдня на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць).
У папярэдні раз спецпрадстаўнік Трампа быў у беларускай сталіцы ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх 15 былі высланыя за мяжу, а астатнім дазволілі застацца ў краіне. Узамен ЗША адмянілі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Мінска, у тым ліку па калійных угнаеннях.
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл выступаюць за тое, каб у вызваленых была магчымасць заставацца ў Беларусі.
аз