Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Міжнародная канфедэрацыя практычнай стральбы дазволіла беларусам з дзяржсімволікай удзельнічаць у спаборніцтвах

28.09.2026 16:40
З 2018 года Генеральную асамблею Міжнароднай канфедэрацыі практычнай стральбы ўзначальвае расіянін Віталь Кручын.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.By Darren Mulford - http://www.hnc.usace.army.mil/Missions/Engineering-Directorate-Copy/igphoto/2001458671/, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=59312994

Генеральная асамблея Міжнароднай канфедэрацыі практычнай стральбы (IPSC) дазволіла спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад сваёй эгідай. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце арганізацыі, паведамляе «Позірк».

Адзначаецца, што стралкі з дзвюх краін змогуць спаборнічаць з 1 студзеня 2027 года, ім дазволена выкарыстоўваць дзяржаўную сімволіку. Рашэнне аб допуску беларусаў і расіян прынята большасцю галасоў удзельнікаў Генасамблеі.

З 2018 года Генеральную асамблею Міжнароднай канфедэрацыі практычнай стральбы ўзначальвае расіянін Віталь Кручын.

Практычная стральба не з’яўляецца алімпійскім відам спорту. Праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрага ўмоў.

7 траўня гэтага года выканкам МАК заявіў, што «больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, у тым ліку каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў».

Адзначалася, што МАК «адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў».

Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін сталі заяўляць аб’яднанні па розных відах спорту.

аз