У афіцыйны пералік асобаў, у дачыненні да якіх распачатая спецыяльная вытворчасць і якіх выклікаюць у орган крымінальнага пераследу, 1 кастрычніка ўнеслі Аляксандра Буцько, Арцёма Войніча, Аляксандра Грыба (Грыгор'ева), Алега Калуша і Яўгена Лістапада.
Іх абвінавачваюць паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса аб «удзеле ў злачыннай арганізацыі», «дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі», «змове з мэтай захопу ўлады», «экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзеле ў ваенных дзеяннях за мяжой», паведамляе «Вясна».
Усе яны звязаныя з Палкам імя Кастуся Каліноўскага — беларускім добраахвотніцкім вайсковым фармаваннем, створаным ва Украіне ў сакавіку 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання. Першапачаткова яно існавала як батальён, а пазней было разгорнутае ў полк у складзе Узброеных сіл Украіны.
«Каліноўцы» ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, у тым ліку ў баях за Ірпінь і Бучу, а таксама на Харкаўскім, Луганскім і Данецкім напрамках. Паводле самога палка, у 2024 годзе яго дзейнасць была пашыраная да вайскова-грамадскага праекта, які абʼядноўвае беларускіх добраахвотнікаў, што ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях ва Украіне або іх падтрымцы.
У Беларусі Полк імя Кастуся Каліноўскага прызнаны «тэрарыстычнай арганізацыяй».
аз