Расія зноў выкарыстоўвае рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі. Яны ўзмацняюць сігнал і дазваляюць ворагу кіраваць БПЛА на адлегласці сотняў кіламетраў ад пункта кіравання. Пра гэта расказаў у эфіры ўкраінскага «24 Канала» прэс-сакратар Дзяржаўнай пагранічнай службы Андрэй Дземчанка.
Паводле яго, Беларусь прадаўжае падтрымліваць расійскія паветраныя атакі па тэрыторыі Украіны, прадастаўляючы сваю тэрыторыю для работы сродкаў перадачы і ўзмацнення сігналу.
Паводле Дземчанкі, расійскія дроны кшталту «Шахед» і «Герань», якія накіроўваюцца ў бок заходніх абласцей Украіны і прыгранічнай зоны з Польшчай, атрымліваюць дадатковае ўзмацненне сігналу з тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым Беларусь уключае гэтае абсталяванне толькі перыядычна.
Таксама значна павялічылася колькасць мабільных рэтранслятараў.
— Беларусь баіцца, што Украіна зможа цалкам вызначыць, дзе менавіта працуюць рэтранслятары. Нас часта пытаюцца, ці не нарошчвае Беларусь групоўкі ля нашай мяжы. Відаць, яны ўсё ж баяцца вялікіх страт. Таму там, паддаючыся ціску з боку Расеі, абралі менавіта такі спосаб дапамогі ў выглядзе рэтранслятараў, — адзначыў Дземчанка.
Украіна працуе над тым, каб рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі спынілі працу. Верагодна, гэта непублічная праца, да якой маюць дачыненне іншыя службы і падраздзяленні.
Дадамо, што прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі ўжо працяглы час працуе ў інтарэсах расійскага войска. Гэтыя ж рэтранслятары дапамагаюць Расіі не толькі атакаваць Украіну, але і біць па Польшчы.
аз