Былы начальнік Генштабу Павел Муравейка будзе сачыць за сацсеткамі, арганізоўваць каардынацыю памочнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёнах і кантраляваць спецпраекты на сваёй новай пасадзе намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Пра абавязкі Паўла Муравейкі апавёў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой у эфіры «Беларусь 1».
— Павел Мікалаевіч Муравейка быў даверанай асобаю нашага лідара на апошніх выбарах. Ён выдатна ўзаемадзейнічае з людзьмі. Грамадзянская частка ягонай кар'еры таксама даволі нядрэнная. Ён валодае добрым аналітычным складам розуму і можа нам дапамагчы ў падрыхтоўцы пэўных матэрыялаў паводле лініі грамадзянскіх ініцыятываў, — сказаў Крутой.
Паводле яго, Муравейка будзе кантраляваць «шэраг стратэгічных праектаў», звязаных не толькі з вайскова-прамысловым комплексам.
— Будзе каардынаваць інстытут памочнікаў прэзідэнта ў рэгіёнах. І, я думаю, што яшчэ будзе займацца зваротамі грамадзянаў з улікам ягоных камунікатыўных навыкаў. Звароты грамадзянаў (акрамя класічнага сегменту, які таксама застаецца) сёння ў нас вельмі сурʼёзна дапаўняюцца зваротамі праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі: TikTok, Threads, Telegram і іншае. І вось з усяго масіву трэба вылучаць нейкія важныя тэмы, якія сапраўды вартыя ўвагі на ўзроўні прэзідэнта, — заявіў Крутой.
Ён адзначыў, што ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ідзе праца для «ўдасканалення дзейнасці».
— І я думаю, што каардынацыю гэтай працы таксама ўзначаліць Павел Мікалаевіч. Таму фронт задач у яго даволі вялікі. І я думаю, ён сурʼёзна ўмацуе наш патэнцыял і дазволіць адміністрацыі рухацца далей з улікам тых задач, якія ставіць наш лідар, — дадаў ён.
Белсат/ав