Украіна рыхтуе санкцыі супраць беларускіх мабільных аператараў у сувязі з тым, што рэжым Лукашэнкі дазваляе выкарыстоўваць іх інфраструктуру для нанясення ўдараў па ўкраінскай тэрыторыі. Пра гэта журналістам на Варшаўскім форуме бяспекі сказаў міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга, паведамляе «Белсат».
Раней Кіеў неаднаразова заяўляў, што рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі выкарыстоўваюцца для навядзення расійскіх дронаў падчас атакаў на заходнія вобласці Украіны.
Сібіга паведаміў, што афіцыйны Мінск спрабуе размяшчаць ваенную інфраструктуру ў жылых кварталах, выкарыстоўваючы беларусаў у якасці жывога шчыта. Паводле яго слоў, украінскія ўлады папярэдзілі рэжым Лукашэнкі і больш не дапусцяць паўтарэння падзеяў 2022 года, калі тэрыторыя Беларусі была выкарыстаная для прамой агрэсіі.
Кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства дадаў, што ніякіх дыпламатычных кантактаў з афіцыйным Мінскам Украіна цяпер не падтрымлівае, акрамя працы пасольства па консульскай дапамозе ўкраінцам. Пры гэтым Кіеў актыўна супрацоўнічае з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
вс