Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусь эксплуатуе мігрантаў, а Польшча, Літва і Латвія парушылі іх правы — Еўрапейскі суд па правах чалавека

25.11.2026 17:40
У рашэннях, якія тычацца Польшчы, Латвіі і Літвы, былі ўстаноўлены розныя парушэнні Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.
-  ()
Польска-беларуская мяжа (ілюстрацыя)strazgraniczna.pl

Польшча і іншыя еўрапейскія краіны маюць права абараняць свае межы ад натхнёнай Беларуссю нелегальнай міграцыі, але яны таксама павінны абараняць правы самых уразлівых мігрантаў. Менавіта гэта пастанавіла Вялікая палата Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбургу ў трох справах, якія тычацца пушбэкаў (англ. pushback — выштурхоўванне мігрантаў) на мяжы з Беларуссю.

У рашэннях, якія тычацца Польшчы, Латвіі і Літвы, былі ўстаноўлены розныя парушэнні Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.

Калі гаворка ідзе пра Польшчу, рашэнне тычыцца пушбэкаў у Беларусь 32 грамадзян Афганістана, якія спрабавалі трапіць у Польшчу ў 2021 годзе і апынуліся ў лагеры каля вёскі Уснарж Гурны (Usnarz Górny). Суд устанавіў парушэнне Канвенцыі ў сувязі з выштурхоўваннем з тэрыторыі Польшчы аднаго з двух заяўнікаў без ацэнкі яго патрэб у абароне, а таксама ў сувязі з адмовай абодвум заяўнікам у доступе да адвакатаў.

Аднак некаторыя абвінавачванні, напрыклад, адносна дрэнных умоў падчас іх знаходжання ў нелегальным лагеры ля мяжы былі адхіленыя, бо было ўстаноўлена, што заяўнікі ў той час не падпадалі пад польскую юрысдыкцыю. У справе Латвіі было ўстаноўлена парушэнне Канвенцыі аб правах чалавека ў сувязі з пушбэкамі дзяцей і членаў іх сем'яў, а ў справе Літвы — за размяшчэнне мігрантаў у цэнтры для нелегалаў.

Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу пацвердзіў права дзяржаў абараняць свае межы ад інструментальнага падыходу Беларусі да мігрантаў. Аднак ён падкрэсліў, што асабліва ўразлівыя асобы павінны быць ідэнтыфікаваны, а іх патрэбы ў абароне ацэнены індывідуальна.

Гэтыя рашэнні могуць мець значныя наступствы для вырашэння падобных спраў, звязаных з міграцыйнымі крызісамі.

IAR/аз