У Польшчы адмяняюцца ўсе масавыя мерапрыемствы, заявіў аб гэтым прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Рашэнне, звязанае з распаўсюджваннем каранавіруса, было прынята на пасяджэнні ўрадавай групы па крызісных сітуацыях. Кіраўнік урада падкрэсліў, што прымаць радыкальныя меры па абмежаванні распаўсюджвання віруса рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя:
- Эпідэмія пашыраецца і яна стала рэальнай і глабальнай пагрозай. У Іспаніі за адныя суткі з’явіліся 400 новых заражаных каранавірусам. У Францыі сотні новых захворванняў, падобным чынам у Нямеччыне. Уся Італія аб’яўлена чырвонай зонай. Гэта блізкія нам суседзі.
У Польшчы ўжо 20 пацверджаных захворванняў каранавірусам. За суткі зʼявіліся тры новыя выпадкі Covid-19. Для абароны польскі ўрад уводзіць санітарны кантроль на мяжы. Праводзіцца праверка аўтобусаў, мікрааўтобусаў, пасажырскіх аўтамабіляў на ўсіх КПП і паромаў у партах.
Сёння прэзідэнт Анджэй Дуда склікаў паседжанне Бюро нацыянальнай бяспекі. Пасля Дуда звярнуўся да палякаў з просьбай прыняць асаблівыя меры абароны ад каранавірусных інфекцый.
яс