У Польшчы расце колькасць заражаных каранавірусам. Памёр трэці чалавек, хворы на COVID-19 – мужчына ва ўзросце 66 гадоў, які знаходзіўся ў шпіталі ў Любліне.
Агулам колькасць заражаных у Польшчы на раніцу 15 сакавіка складае 119 чалавек, у тым ліку трое памерлі. Нагадаем, пра першы выпадак каранавіруса ў краіне мінздароўя паведаміла 4 сакавіка. З гэтага часу ў шпіталі была дастаўленыя пацыенты з дадзеным захворваннем між іншым у Варшаве, Уроцлаве, Аструдзе, Шчэціне, Познані, Кракаве, Лежайску, Лодзі і Любліне.
У сувязі з сусветнай пандэміяй захворвання дзяржаўныя ўлады Польшчы прынялі рашэнне адмяніць усе масавыя мерапрыемствы, прыпыніць заняткі ў школах і вну, закрыць дзіцячыя садкі і яслі да 25 сакавіка. Уведзены абмежаванні ў дзейнасці гандлёвых цэнтраў. Могуць працаваць прадуктовыя крамы, аптэкі і пральні. Бары і рэстараны могуць рыхтаваць ежу толькі ў сістэме дастаўкі на дом.
З нядзелі на працягу 10 дзён у краіну не могуць уязджаць іншаземцы, палякі могуць вяртацца ў Польшчу, яны абавязаны прайсці двухтыднёвы каранцін.
PAP/нг