Беларуская Служба

Сейм Польшчы прыняў пастанову па справе Беларусі

14.08.2020 14:32
Дэпутаты, між іншым, патрабуюць згоды ўрада на хуткі прыём палітычных уцекачоў з Беларусі.
      .
Сейм Польшчы прыняў пастанову па справе Беларусі. PAP/Radek Pietruszka

Аднадушна без галасавання Сейм Польшчы прыняў пастанову, у якой асуджае дзеянні беларускіх улад і выказвае салідарнасць з беларускім грамадствам.

„Мы настойліва патрабуем ад уладаў Мінска неадкладна вызваліць усіх затрыманых, спыніць рэпрэсіі і гвалт супраць грамадства”, - гаворыцца ў тэксце пастановы, які зачытала спікер Сейма Эльжбета Вітэк(Elżbieta Witek).

-Сейм Польшчы рашуча асуджае ўжыванне ўладай Аляксандра Лукашэнкі жорсткага гвалту і масавых рэпрэсій у дачыненні да беларускага грамадства, а таксама фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, праведзеных у Рэспубліцы Беларусь 9 жніўня 2020 году. У выніку буйнамаштабнай хвалі гвалту, накіраванай супраць грамадзянаў Беларусі, загінулі дзве асобы, некалькі соцень атрымалі раненні, а больш за 7 тысяч былі арыштаваныя або затрыманыя.

Сейм асудзіў пазбаўленне грамадзян Беларусі права на ўдзел у свабодных, дэмакратычных выбарах і права на свабоду выказваць свае погляды. Дэпутаты таксама заклікалі беларускія ўлады пачаць мірны дыялог з грамадствам.

Сейм патрабуе згоды польскага ўрада на хуткі прыём палітычных уцекачоў з Беларусі і заклікае ўстановы Еўрапейскага саюза прыняць рашучыя меры па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці.

аз