Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Агенцтва акадэмічных абменаў падтрымае беларускіх студэнтаў, навукоўцаў і выкладчыкаў стыпендыямі

18.09.2020 12:25
Усяго падтрымкай змогуць скарыстацца 190 чалавек.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneAlexas_Fotos/pixabay.com/CC0

У рамках урадавай ініцыятывы «Салідарныя з Беларуссю» Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў (NAWA) падтрымае студэнтаў, навукоўцаў і выкладчыкаў стыпендыямі. Усяго падтрымкай змогуць скарыстацца 190 чалавек.

NAWA і Канферэнцыя рэктараў акадэмічных школ у Польшчы (KRASP) рэалізуюць тры праграмы па падтрымцы беларусаў па просьбе Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі: «Салідарныя са студэнтамі», «Салідарныя з навукоўцамі» і «Салідарныя з выкладчыкамі», – паведамляецца ў рэлізе.

«Сёння прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці ў Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратычнае кіраванне ў сваёй краіне, падвяргаюцца рэпрэсіям. Наш абавязак – працягнуць ім руку салідарнасці. Мы падкрэсліваем, што належым да таго ж акадэмічнага свету каштоўнасцяў, у якім паважаюцца свабода, вяршэнства закона і дэмакратыя», – падкрэсліў намеснік міністра навукі праф. Войцех Максімовіч, працытаваны ў рэлізе.

У рамках акцыі «Салідарныя са студэнтамі» 150 чалавек атрымаюць стыпендыі на 2020/2021 навучальны год. NAWA выдзеліць для іх 2 мільёны злотых. Для 25 навукоўцаў з Беларусі ёсць стыпендыі для навуковых даследаванняў у польскіх універсітэтах і навукова-даследчых інстытутах. Бюджэт акцыі «Салідарныя з навукоўцамі» складае 2 мільёны злотых.

«Студэнты і навукоўцы, незалежна ад таго, дзе яны жывуць, павінны мець свабодны доступ да адукацыі, даследаванняў і прыняцця рашэнняў наконт сваёй будучыні», – сказала доктар Гражына Жэброўска, дырэктар Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў.

Яна нагадала, што гэта наступныя дзеянні, якія NAWA прадпрымае ў знак салідарнасці з Беларуссю. У жніўні агенцтва прапанавала 100 чалавекам бясплатныя месцы ў рамках «Летніх курсаў польскай мовы і культуры».
NAWA таксама выдзеліць стыпендыі 15 выкладчыкам польскай мовы для аспірантуры ў 2020/2021 навучальным годзе ў рамках акцыі «Салідарныя з настаўнікамі». Бюджэт гэтай акцыі складае 53 тысячы злотых. Выкладчыкаў абярэ Універсітэт Сілезіі.

Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў (NAWA) – урадавая ўстанова, якая падпарадкоўваецца Міністру навукі і вышэйшай адукацыі, выступаючы за інтэрнацыяналізацыю польскай навукі, падтрымліваючы і стымулюючы міжнароднае навуковае супрацоўніцтва і акадэмічны абмен. Агенцтва створана ў кастрычніку 2017 года.

ав