Беларуская Служба

Больш за 122 млн еўра атрымалі палякі ў рамках сёлетняй праграмы «Мой ток»

30.12.2020 13:32
У рамках праграмы можна атрымаць кампенсацыю да 50% коштаў будаўніцтва фотаэлектрычных установак магутнасцю ад 2 да 10 кілават.
 .
Фотаэлектрычная ўстаноўка.Photo:MariaGodfrida /pixabay.com/CC0 Public Domain

У рамках сёлетняй праграмы „Мой ток” палякі падалі больш за 260 тысяч заявак. Асобы, якія вырабляюць электраэнергію для ўласных патрэб, атрымалі больш за 550 мільёнаў злотых (больш за 122 мільёны еўра) беззваротнай дзяржаўнай дапамогі на фотаэлектрычныя мікраўстаноўкі. З-за вычарпання бюджэту праграмы прыём заявак быў спынены 6 снежня.

Праграма „Мой ток” карысталася вялікай папулярнасцю, прызнае віцэ-старшыня Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі Павел Міроўскі(Paweł Mirowski). Да 23 снежня згоду на выплату дафінансавання атрымалі больш за 110 тысяч заявак.

Павел Міроўскі нагадаў, што падаваць заяўкі можна будзе таксама ў будучым годзе. Ён дадаў, што сфера падтрымкі пашырыцца. Акрамя фотаэлектрычных панэляў, дафінансаванне можна будзе атрымаць таксама на прылады і ўстаноўкі:

- Мы хацелі б, каб дафінансаванне можна было атрымаць таксама на зарадныя прылады для электрамабіляў, разумныя сістэмы кіравання энергіяй дома, захоўванне цяпла і холаду, а таксама назапашванне энергіі.

Акрамя таго, сродкі можна будзе атрымаць таксама на захоўванне энергіі. Праграма „Мой ток” працуе з 2019 года. У ейных рамках можна атрымаць да 50% коштаў будаўніцтва фотаэлектрычных установак магутнасцю ад 2 да 10 кілават. Сёлетні прыём заявак працягваўся з 13 студзеня па 6 снежня.

аз