Беларуская Служба

Моцныя снегапады абрынуліся на Польшчу

08.02.2021 11:10
18 тысяч жыхароў Лодзінскага, Ніжнесілезскага, Падкарпацкага і Сілезскага ваяводстваў засталіся без электрычнасці.
Ілюстрацыя PAP/Andrzej Grygiel

Усе дарогі нацыянальнага значэння рэгулярна чысцяцца ад снегу, але кіроўцам варта быць асцярожнымі з-за галалёдзіцы. Амаль па ўсёй Польшчы абвешчана папярэджанне аб моцных снегападах, а на поўдні краіны – у сувязі з моцнымі маразамі.

Паводле Галоўнага ўпраўлення аўтадарог Польшчы, цяпер працуе больш за 110 снегаачышчальных машын, паведаміла Бажэна Высоцка з урадавага Цэнтра бяспекі:

-Дарожная абстаноўка неспрыяльная: ляжыць снег, золь, больш таго, снегапад не спыняецца. На поўдні Польшчы ідзе ледзяны дождж, дарогі вельмі слізкія. Таму, калі вам трэба кудысьці ехаць, будзьце вельмі асцярожнымі і разважлівымі, запраўце машыну перад выездам. Таксама неабходна мець пры сабе зараджаны мабільны тэлефон, каб у выпадку неабходнасці мець магчымасць выклікаць дапамогу.

З-за ўмоў надвор'я на некалькі дзясяткаў хвілін спазняюцца цягнікі PKP Intercity з Познані і Вроцлава ў Пшэмысль. За мінулыя суткі ў Куяўска-Паморскім ваяводстве адзін чалавек памёр ад пераахаладжэння.

18 тысяч жыхароў Лодзінскага, Ніжнесілезскага, Падкарпацкага і Сілезскага ваяводстваў засталіся без электрычнасці.

Інстытут метэаралогіі і воднай гаспадаркі Польшчы папярэджвае аб неспрыяльных умовах надворʼя па ўсёй краіне. Былі абвешчаныя папярэджанні аб моцных снегападах, завеях, ледзяных дажджах і моцных маразах.

iar/эж