Прэм'ер-міністры краін Вышаградскай групы абмяркуюць магчымасці рэагавання на эскалацыю агрэсіўных дзеянняў Расіі. Відэаканферэнцыя кіраўнікоў урадаў Польшчы, Чэхіі, Венгрыі і Славакіі па гэтай справе пачнецца апоўдні. Ініцыятарам тэрміновай сустрэчы з’яўляецца прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк(Szymon Szynkowski vel Sęk) заявіў Польскаму радыё, што сустрэча звязана з абвастрэннем дзеянняў Расіі ў рэгіёне - ва Украіне, Беларусі, а таксама ў дачыненні да Чэхіі:
- Гэта агрэсіўныя дзеянні. Таму існуе неабходнасць абмеркавання супольных дзеянняў адносна бяспекі ў рэгіёне. Таму прэм’ер Маравецкі склікаў экстраннае паседжанне Вышаградскай групы, падчас якога будуць абмяркоўвацца магчымыя рэакцыі на апошнія дзеянні Расіі ў рэгіёне.
Нагадваем, 17 красавіка Чэхія абвясціла аб высылцы з краіны 18 супрацоўнікаў пасольства Расійскай Федэрацыі ў Празе, якія былі прызнаны супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў. Паводле Чэхіі, супрацоўнікі расійскай ваеннай выведкі мелі дачыненне да выбуху складоў боепрыпасаў у Врбеціцах у 2014 годзе, у выніку чаго загінулі два чалавекі. У адказ Міністэрства замежных спраў Расіі палічыла непажаданымі 20 супрацоўнікаў пасольства Чэхіі ў Маскве і загадала ім пакінуць краіну.
У сённяшняй відэаканферэнцыі кіраўнікоў урадаў краін Вышаградскай групы ўпершыню прыме ўдзел новы прэм'ер Славакіі Эдуард Хэгер.
аз