Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы: Мы можам быць свабоднымі толькі разам, і гэта вялікае жаданне падзяляюць нашы сябры з Беларусі

03.05.2021 15:19
У Варшаве праходзяць урачыстасці з нагоды 230-годдзя Канстытуцыі 3-га траўня, у іх прымаюць удзел прэзідэнты Польшчы, Літвы, Эстоніі, Латвіі ды Украіны.
    ,    ,    ,         , , 3  2021
Прэзідэнты Латвіі – Эгілс Левітс, Эстоніі – Керсці Кальюляйд, Польшчы – Анджэй Дуда, Украіны – Уладзімір Зяленскі ды Літвы – Гітанас Наўседа, Варшава, 3 траўня 2021 года Крыніца: Foto: twitter.com/@prezydentpl

З нагоды 230-ай гадавіны прыняцця Канстытуцыі 3-га траўня ў Варшаве праходзяць міжнародныя ўрачыстасці, у якіх прымаюць удзел прэзідэнты Польшчы – Анджэй Дуда, Літвы – Гітанас Наўседа, Эстоніі – Керсці Кальюляйд, Латвіі – Эгілс Левітс ды Украіны – Уладзімір Зяленскі. Кіраўнікі дзяржаў падпісалі сумесную дэкларацыю, прысвечаную агульнай спадчыне Канстытуцыі 3 траўня. Пасля ў Каралеўскім замку ў Варшаве пачаліся дэбаты, прысвечаныя будучаму Еўропы, ў тым ліку пытанню міжнароднай бяспекі.

Ва Уладзіміра Зяленскага ў Варшаве намечаная асобная двухбаковая сустрэча з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Адна з тэмаў перамоваў – пытанні, звязаныя з бяспекай. Верагодна, што гаворка будзе ісці, у тым ліку, аб нядаўняй канцэнтрацыі расійскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы і аб пагрозах бяспекі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Увечары адбудзецца ўрачыстая вячэра, якую ладзіць гаспадар сустрэчы Анджэй Дуда для ўсіх прэзідэнтаў, якія прыбылі на святкаванне.

Выступаючы перад дэбатамі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда аднёсся і да тэмы Беларусі. Польскі лідар заявіў, што беларусы маюць права, каб іх дэмакратычныя і еўрапейскія памкненні як мага хутчэй прыдбалі рэальную форму. Як казаў прэзідэнт Анджэй Дуда, жыхары Цэнтральнай і Усходняй Еўропы разумеюць, што свабоднымі яны могуць быць толькі разам:

- Мы, палякі, літоўцы, украінцы, латышы ды эстонцы разумеем, што толькі адначасовама мы ўсе зможам жыць у сваіх дэмакратычных і суверэнных айчынах, карыстаючыся свабодамі, уласцівымі сучаснай дэмакратычнай Еўропе. Мы дакладна ведаем, што гэта вялікае жаданне падзяляюць нашыя сябры з Беларусі. Адзінагалосна прызнаем, што яны маюць права, каб іх дэмакратычныя і еўрапейскія памкненні як мага хутчэй прыдбалі рэальную форму.

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прымеркаваная да 230-й гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Ухвалены ў 1791 годзе дакумент быў накіраваны на ўмацаванне палітычнай сістэмы, вяршэнства права і абарону ад агрэсіі суседніх дзяржаў, перад усім Расіі. Гэтую Канстытуцыю называюць першым у сваім родзе дэмакратычным дакументам Еўропы. Праз 4 гады пасля яе прыняцця Рэч Паспалітая перастала існаваць у выніку яе падзелу паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.

iar/pap/эж

ЗША віншуюць Польшчу з Днём Канстытуцыі 3 траўня 1791 года

03.05.2021 08:26
Энтані Блінкен нагадаў, што абедзве краіны прынялі асноўныя законы яшчэ ў XVIII стагоддзі і менавіта ў гэты перыяд свае вытокі атрымала дружба паміж Польшчай і ЗША.

З нагоды 230 гадавіны Канстытуцыі 3 траўня ў Варшаве сустракаюцца прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі ды Украіны

03.05.2021 09:04
Прэзідэнты Літвы, Латвіі, Эстоніі і Украіны былі запрошаныя прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам на святкаванне 230 гадавіны прыняцця гэтакага дакументу ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Прэзідэнт Літвы ў польскім Сейме: Перад тварам агрэсіі неабходна аб'яднацца і мабілізаваць сілы

03.05.2021 11:15
На сумесным пасяджэнні сеймаў Польшчы і Літвы, прымеркаванаму 230-годдзю Канстытуцыі 3 траўня, Наўседа заклікаў разам супрацьстаяць пагрозам Расіі супраць Украіны і Беларусі.