Беларуская Служба

МЗС Польшчы: Мы ніколі не пакінем палякаў у Беларусі ў бядзе

05.06.2021 12:11
Міністэрства замежных спраў сканцэнтраванае на вызваленні затрыманых у Беларусі прадстаўнікоў польскай меншасці.
     .
Намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач.PAP/Marcin Obara

Мы паскорым свае дзеянні, каб рэпрэсіі, якія закранаюць палякаў у Беларусі, спыніліся, а арыштаваныя былі вызвалены, менавіта на гэтым мы зараз засяроджваемся, падкрэсліў у пятніцу ў эфіры TVP Info намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz).

Пшыдач адзначыў, што Польшча запусціла ў дачыненні да Беларусі два механізмы – адзін з іх, гэта фіксаванне ўсіх парушэнняў заканадаўства рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, каб адказныя за іх людзі маглі быць пакараныя ў будучыні.

«Мы перакананыя, што прыйдзе час, калі ўсе гэтыя злачынцы ў Беларусі – якія рэпрэсуюць і катуюць людзей, адкажуць за гэта ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і ў адпаведнасці з пачуццём усеагульнай справядлівасці – прыйдзе такі момант», – сказаў Пшыдач.

Апрача таго Міністэрства замежных спраў сканцэнтраванае на вызваленні затрыманых у Беларусі прадстаўнікоў польскай меншасці. Ён нагадаў, што трое з пяці арыштаваных актывістаў ужо знаходзяцца ў Польшчы – яны бяспечныя і на волі.

«Мы ніколі не пакідаем суайчыннікаў у бядзе», – запэўніў Пшыдач. «Мы будзем працягваць намаганні, паскараць іх, каб рэпрэсіі, якія закранаюць палякаў, спыніліся, а арыштаваныя былі вызваленыя», – падкрэсліў палітык.
Нагадваем, з 25 траўня ў Польшчу знаходзяцца тры, арыштаваныя раней актывісткі польскай меншасці ў Беларусі – Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўска і Ганна Панішаўва. Кіраўнік Саюза палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс і актывіст Анджэй Пачобут па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай.

Арышт польскіх актывістаў стаў вынікам рэпрэсій супраць прадстаўнікоў польскай меншасці і Саюза палякаў у Беларусі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі краін ЕС, а таксама кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль заклікалі Мінск да вызвалення прадстаўнікоў СПБ. Дзеянні беларускіх уладаў супраць польскай меншасці сталі падставай для абвяшчэння чарговых санкцый, якія ЕС павінен увесці ў дачыненні да беларускіх уладаў.

PAP/аз