Намеснік міністра замежных спраў Павэл Яблоньскі (Paweł Jabłoński) сказаў, што Польшча паслядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць у Беларусі, таму што «гэта наш абавязак як краіны прафсаюзу »Салідарнасць«, – сказаў ён. Адзін з прыкладаў такой падтрымкі – дапамога беларускай спартсменцы Крысціне Ціманоўскай, якая атрымала гуманітарную візу ў Польшчы.
Павэл Яблоньскі, які быў госцем тэлеканала TVP Info, падкрэсліў, што падтрымка аказваецца ўсім людзям або групам з Беларусі, якім патрэбна дапамога.
- Мы падтрымліваем незалежныя СМІ ў Беларусі, падтрымліваем беларускіх студэнтаў, навукоўцаў, якія таксама рэпрэсаваныя, якім таксама давялося бегчы, і мы аказваем ім падтрымку, каб яны маглі працягнуць сваю кар'еру і адукацыю ў Польшчы, – сказаў Яблоньскі.
Польскія ўлады таксама падтрымліваюць беларускіх прадпрымальнікаў праз праграму «Poland Business Harbour». У рамках гэтай праграмы за мінулы год з Беларусі ў Польшчу пераехала амаль тысяча інавацыйных кампаній.
З пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі Польшча выдала грамадзянам гэтай краіны больш за 178 000 віз. Больш за 121 000 з іх – гэта гуманітарныя візы, выдадзеныя людзям, якім беларускі рэжым пагражае рэпрэсіямі.
яс