Беларуская Служба

Беларусы складаюць другую па колькасці групу іншаземцаў у Польшчы

08.08.2021 09:51
Від на жыхарства маюць амаль 280 000 грамадзян Украіны, 34 000 грамадзян Беларусі і 20 000 – Германіі.
Warszawa, czerwiec 2021. Białorusini obchodzą święto Kupały na Wiśle.
Warszawa, czerwiec 2021. Białorusini obchodzą święto Kupały na Wiśle. Shutterstock/Damian Lugowski

Паўмільёна замежнікаў маюць дакументы, якія даюць права на доўгатэрміновае пражыванне ў Польшчы, – паведамілі ва Упраўленні па справах іншаземцаў. Больш чым палова з іх – грамадзяне Украіны, але таксама беларусы ўсё часцей пасяляюцца ў краіне.

За першае паўгоддзе гэтага года колькасць замежнікаў, якія маюць від на жыхарства, павялічылася амаль на 42 тысячы чалавек. Найбольшы рост быў зафіксаваны ў наступных групах грамадзян: Украіны – больш чым на 30 000 чалавек і Беларусі – амаль на чатыры з паловай тысячы чалавек. Як паведаміў прэс-сакратар Упраўлення па справах іншаземцаў Якуб Дудзяк, у асноўным прыязджаюць маладыя людзі.

«Амаль 70 працэнтаў замежнікаў, якія маюць від на жыхарства ў Польшчы, гэта людзі ва ўзросце да 40 гадоў. Крыху больш за 25 працэнтаў складаюць людзі ва ўзросце ад 40 да 59 гадоў, так што большасць – маладыя людзі ва ўзросце да 40 гадоў», – сказаў Якуб Дудзяк.
Замежнікі пераважна стараюцца пасяляцца ў буйных гарадах, якія прапануюць шырокія магчымасці працы або вучобы.

«Самымі папулярнымі ваяводствамі з'яўляюцца: Мазавецкае – тут 132 000 чалавек маюць від на жыхарства, у Малапольскім ваяводстве – 60 000 чалавек і Вялікапольскім – крыху больш за 46 000 чалавек», – сказаў прэс-сакратар.

Від на жыхарства маюць амаль 280 000 грамадзян Украіны, 34 000 грамадзян Беларусі і 20 000 – Германіі. У далейшай чарговасці ідуць расіяне, вʼетнамцы, грамадзяне Індыі, Грузіі, Італіі, Кітая і Вялікабрытаніі.

нг