Беларуская Служба

Віцэ-старшыні Сенату адмовілі ва ўездзе ў Расію

12.08.2021 16:05
Богдан Барусэвіч павінен быў прадстаўляць польскі Сенат на пахаванні Сяргея Кавалёва.
          .
Богдан Барусэвіч павінен быў прадстаўляць польскі Сенат на пахаванні Сяргея Кавалёва. PAP/Paweł Supernak

Намеснік старшыні Сената паведаміў, што не паляціць на пахаванне расійскага дысідэнта часоў СССР Сяргея Кавалёва, паколькі яму адмовілі ва ўездзе на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. Богдан Барусэвіч(Bogdan Borusewicz) павінен быў прадстаўляць польскі Сенат на пахаванні Кавалёва.

Палітык дадаў, што гэта не першы падобны выпадак, а прадстаўнік расійскага пасольства ў Варшаве паведаміў яму, што забарона на яго ўезд у Расію дзейнічае з 2015 года. Богдан Барусэвіч здзіўлены рашэннем расійскіх уладаў:

- Сяргей Кавалёў быў адным з найважнейшых прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ў Расіі яшчэ ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Калі мы ў Польшчы стваралі «Камітэт абароны рабочых», то такія людзі як ён былі для нас прыкладам. Я здзіўлены, што расійскія ўлады змагаюцца са сваімі апанентамі нават пасля іх смерці.

Расійскі дысідэнт і праваабаронца Сяргей Кавалёў памёр 9 жніўня на 91-м годзе жыцця. З 1950 -х гадоў мінулага стагоддзя Кавалёў выступаў супраць палітычнай ідэалагізацыі навукі. У 1967-1968 гадах ён быў удзельнікам шматлікіх акцый пратэсту і далучыўся да актывістаў новага праваабарончага руху. З 1969 года актыўна ўдзельнічаў у «Ініцыятыўнай групе абароны правоў чалавека», а пяць гадоў пазней па абвінавачванні ў «антысавецкай прапагандзе», быў асуджаны на сем гадоў лагераў і тры гады ссылкі.

Пасля вяртання ў Маскву Кавалёў дзейнічаў на карысць дэмакратычных зменаў. Ён быў першым упаўнаважаным па правах чалавека ў Расіі.

аз