Прэзідэнт Анджэй Дуда пасмяротна ўзнагародзіў 14-гадовага Эрнэста Банаха(Ernest Banach) медалём «За самаадданасць і мужнасць». Хлопец патануў, ратуючы яхтсменаў, удараных токам. Ад імя прэзідэнта ўзнагароду бацькам Эрнэста ўручыў дарадца прэзідэнта Лукаш Ржэпэцкі.
Нагадваем, 10 жніўня на рацэ Піса ў Пішы (Pisz) на Мазурах лодка трапіла мачтай у лінію электраперадач. У выніку ўдару электрычным токам два яхтсмены ўпалі ў ваду. Эрнэст Банах, які праходзіў міма, скочыў у раку, падплыў да аднаго з параненых і надзеў на яго выратавальную камізэльку, тым самым выратаваўшы яму жыццё.
У часе, калі хлопец ратаваў мужчынаў, зноў адбыўся электрычны разрад і 14-гадовага героя ўдарыла токам. Пажарныя знайшлі яго цела праз гадзіну пошукаў на дне ракі.
Жалобу па смерці Эрнэста абвясціў мэр Піша. Хлопец таксама пасмяротна атрымае званне «Заслужанага для горада Піш».
аз