«МЗС Польшчы негатыўна ацэньвае паводзіны МЗС Ізраіля і неабгрунтаванае рашэнне аб паніжэнні рангу дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Варшаве. Крокі, зробленыя Ізраілем, сур'ёзна шкодзяць нашым адносінам», – чытаем у заяве польскага МЗС. Міністэрства замежных спраў Польшчы абяцае прыняць адэкватныя «палітычныя і дыпламатычныя крокі» з улікам прынцыпу ўзаемнасці.
Нагадваем, у адказ на падпісанне польскім прэзідэнтам папраўкі ў Адміністрацыйна-працэсуальны кодэкс, кіраўнік ізраільскай дыпламатыі заявіў, што новы пасол краіны не паедзе ў Варшаву, а выконваючы абавязкі амбасадара Ізраіля ў Польшчы быў выкліканы на кансультацыі. Апрача таго Міністэрства замежных спраў Ізраіля рэкамендавала амбасадару Польшчы ў Ізраілі Марэку Магероўскаму, які зараз знаходзіцца ў адпачынку ў краіне, застацца ў Польшчы.
Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў папраўку ў Адміністрацыйна-працэсуальны кодэкс, якая тычыцца вяртання нацыяналізаванай маёмасці. Прынятыя Сеймам палажэнні прадугледжваюць, што не магчыма будзе адмяніць любое адміністрацыйнае рашэнне па гэткай справе, калі з моманту яго вынясення прайшло 10 гадоў. Таксама павінны быць спыненыя ўсе адміністрацыйныя працэсы, калі з моманту вынясення рашэння прайшло 30 гадоў.
IAR/аз