Былы міністр нацыянальнай абароны і былы працаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Ян Парыс заявіў у эфіры Польскага радыё 24, што Аляксандр Лукашэнка ўжо прывёз у Беларусь некалькі тысяч мігрантаў, у тым ліку з Турцыі і Ірака. Па словах Яна Парыса, мігранты будуць перавозіцца да межаў Еўрапейскага Саюза, у тым ліку да межаў Польшчы.
Госць Польскага радыё 24 дадаў, што падтрымлівае рашэнне ўрада аб увядзенні надзвычайнага становішча ў памежных раёнах:
-Магчыма, гэта трэба было зрабіць хутчэй. У кожным выпадку – гэта абавязковая рэч. Дзякуючы гэтаму памежнікі і войска маюць большую свабоду ў кантраляванні памежнага паса і могуць катэгарычным чынам вырашаць, хто можа там знаходзіцца.
Ян Парыс лічыць, што рашучая пазіцыя польскіх службаў на беларускай мяжы з'яўляецца значным сігналам з боку Польшчы:
-Гэта доказ, што Польшча – сур’ёзная дзяржава, якая абараняе свае межы, цалкам легальным чынам, згодна з польскім і міжнародных законам. Калі б мы гэтага не зрабілі, то гэта была б кампраметацыя ў вачах міжнароднай супольнасці і ЕС, паколькі мы адказваем за ахову межаў ЕС.
Польшча, а таксама Літва і прадстаўнікі Еўракамісіі абвінавачваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў наўмыснай перапраўцы мігрантаў з Блізкага Усходу ў Беларусь толькі для таго, каб перавезці іх да мяжы Еўрапейскага саюза. Мэта – дэстабілізацыя сітуацыі ў ЕС.
З-за павелічэння колькасці мігрантаў на мяжы польскі ўрад прыняў рашэнне ўвесці надзвычайнае становішча ў памежным пасе.
ав